+375 17 500-45-37     +375 17 219-06-79     usitminobl@minsk-region.gov.by Беларусь, Минск, ул. Чкалова, 5
Ноч танцаў у маёвым садзе. 3-я фолькавые танцавальные спатканні на хутары «Засценак Скрыплеў»

Ноч танцаў у маёвым садзе. 3-я фолькавые танцавальные спатканні на хутары «Засценак Скрыплеў»

Дата проведения: 8-9 мая 2019 г.

Чарговы раз на нашым хутары адбудуцца ўжо 3-ія фолькавые танцавальные спатканні, што набылі назву “Ноч танцаў у маёвым садзе”. У гэтым годзе чакаецца шмат чаго новага. Да прыкладу мы чакаем гасцей з Польшчы, вядомы гурт “Хлопцы з Навашышак”, якія граюць музыку Сувальшчыны, земляў блізкіх да беларускай Гродзеншчыны. Завершаны дамоўленасці аб прыездзе ўкраінскага гурта “Сільска музыка”, з г. Роўна, якія выконваюць музыку Палесся. І таксама чакаем музыкаў са Славакіі “Бачарска Трыо” (у перакладзе - тры пастухі) – выдатных выканаўцаў музыкі Татранскага краю. Безумоўна мы не забываем нашых традыцыйных гасцей і запрашаем да гэтай ночы да ўдзелу беларускіх музыкаў: Капэлю Алеся Лася, гурты Рада, На таку, Мярэжа, Колесніе, Варган і іншые. Чакаем музыкаў і гасцей з Гродна, Брэсту, Любані, Барысава, Вілейкі, Полацку. У цяперашніе дні акурат ідуць перамовы з нашымі гуртамі. Спадзяемся на традыцыйны ўдзел маладэчнага этнаграфічнага аб’яднаня “Кола”, як першых партнёраў і суарганізатараў гэтага фэсту.

Праграма ў гэтыя дзень і ноч будзе прыблізна такой:

12.00 – заезд удзельнікаў Ночы танцаў

14.00 – 14.20 пачатак спатканняў

14.20 – 16.00 – канцэртная праграма з выступамі гуртоў-удзельнікаў

16.00 – 17.00 – вольная гадзіна, час падсілкавацца, адпачыць

17.00 – 19.00 – майстар класы па польскіх, украінскіх і славацкіх танцах

20.00 – пачатак Ночы танцаў (адказны час). Адказны час азначае, што музыкі да танцу будуць граць па чарзе ў адпаведнасьці са сваім часам.

01.00 – фольк-джэм, дзе музыкі могуць граць змешана, на замовы танцораў

Як паказала практыка завяршэнне Ночы танцаў звычайна супадае са сьвітаннем і апошнія акорды гучаць разам са спевамі салаўёў

Пад час фэсту будзе дзейнічаць хутарская карчма “Прысмакі ад Браніславыча” – тут можна добра падсілкавацца поліўкамі, крупнікам, печанымі кілбаскамі, салатамі і інш. Чарговы раз да нас завітаюць траўнікі з вёскі Вялікая Дайнава – Юля і Дзям’ян, якія прапануюць гасцям духмяную гарбату з зёлак.

Танцоры, якія збіраюцца правесці ўсю ноч могуць узяць свае намёты і размясціцца на тэрыторыі кемпінга хутара з доступам да простых, але неабходных выгодаў – вада, прыбіральні, паркінг для машыны. Намёт, калі няма свайго – можна ўзяць напракат па папярэдней замове, тут, у нас на хутары.

Нашы спатканні не з’яўляюцца нейкім канцэртам, гэта форма агратурызма. З усімі гасцямі будуць заключаныя дамовы па паслугах у галіне агратурызма. Таму, каб пазбегнуць марнавання часу вельмі важна зарэгістраваць свой удзел, пераслаўшы нам пашпартные дадзеные асобы, з кім заключаецца дамова і колькасць спадарожнікаў. А таксама рэгістрацыя і папярэдняя дамова важна тым, хто лічыць грошы. Бо кошты будуць наступныя:

  • Да 20.04.2019 – 15 руб/асоба з рэгістрацыяй
  • З 21.04 па 07.05 – 20 руб/асоба з рэгістрацыяй
  • 08 – 30 руб/асоба з рэгістрацыяй па факту

Таксама будзе дзейнічаць пад час рэгістрацыі да па 7 мая так званы “панскі дадатак” – для тых, хто хацеў бы замовіць альбо асобны столік, альбо адмыловыя прысмакі. Такая паслуга абмяркоўваецца асобна і каштуе ад 15 рублёў на асобу і вышэй.

Грошы пасля заключэння дамовы можна будзе даслаць праз сістэму ЕРІП, па пададзенаму ў дамове рахунку.

Ёсць абмежаваная магчымасць узяць удзел у дадзеным мерапрыемстве і задарма, але ўзамен на валанцёрства. І калі такія жадаючыя ёсць – просім дасылаць аб сабе інфармацыю. Перавага аддаецца хлопцам, якія ўмеюць валодаць будаўнічымі інструментамі ці ў стане рабіць нейкія фізічныя працы па канчатковай падрыхтоўцы тэрыторыі. Што да дзяўчат, то тут нам спатрэбяцца тыя, якія дапамогуць спраўляцца па кухні альбо дапамагаць інфармацыйнай службе. Усё абмяркоўваецца пасля напісання пісмовай заяўкі.

Важна ведаць, што дадзеные танцавальные спатканні маюць свайго роду клубны статус, сказаць ясней – абмежаваную колькасць удзельнікаў – да 100 чалавек, гэта колькасць адпавядае маштабам тэрыторыі нашага хутара.

У гэтым годзе мы ўводзім забарону на паленне цыгарэтаў. Для тых, хто паліць будзе адведзена спецыяльная пляцоўка. За парадкам будуць весці назіранне ўнутраная дружына бяспекі. На тэрыторыю Ночы танцаў не будуць дапускацца асобы ў нецвярозым стане.

Да ведама гасцей, якія маюць час на наступны дзень – можна скарыстацца магчымасцямі нашага хутара, аграсядзібы Засценак Скрыплеў, а гэта: сплывы на каяках па рацэ Заходняя Беразіна, арэнда ровараў, замова лазні, розныя актыўные гульні (футбол, валебол, настольны тэніс), лучны цір і інш. Цікаўцеся ў нас.

Арганізатары Ночы танцаў у Маёвым садзе-3 вераць і спадзяюцца ў тое, што і чарговые танцавальные спатканні добра запомняцца нашым гасцям. Таму сардэчна запрашаем усіх неабыякавых да папулярызацыі народнай культуры нашай Радзімы і ўсіх, хто хоча правесці незабыўна і якра правесці гэтыя выходные, такім чынам пачаць сезон малых і вялікіх адпачынкаў лета 2019 года.

Са шчырым прывітаннем з хутара,

Гаспадар сядзібы і аўтар праекту

Васіль Грынь

Рэгістрацыя:

+375 29 1510187

Info1@greenteam.by

Месца правядзення – аграсядзіба “Засьцянак Скрыплеў”, Валожанскі р-н.

85 км ад Мінску, 80 км ад Вільні.

www.xytap.by


Возврат к списку