Выстава твораў навучэнцаў установы адукацыі “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага”, прымеркаваная да 30-х угодак цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Для прафесійных мастакоў традыцыйнае народнае мастацтва застаецца той жыватворнай крыніцай, якой яны натхняюцца — з яе яны бясконца чэрпаюць сюжэты, выявы і характары, тэмы сваіх твораў: маляваныя дываны ўражваюць сваёй чысцінёй формаў, светлымі вобразамі, глыбокім духоўным сэнсам. Менавіта таму нашыя сучаснікі ўсё часцей звяртаюцца да іх як да вытокаў беларускай прыгажосці і хараства народнай душы.
Творы, прадстаўленыя на выставе — плён работы навучэнцаў каледжу, што бы жніво руплівага земляробу, сабранае каласок да каласку, зернейка да зернейка, збіралі іх выкладчыкі разам з самімі юнымі мастакамі ды мастачкамі. На занятках выкладчы- кі/-цы, якія калісь самі па драбнютках спасцігалі і захоўвалі сакрэты народнага мастацтва, перадаюць сваім вучням тыя таямніцы — навучэнцы зведваюць гісторыю беларускіх маляванак — дываноў маляваных фарбай, якія рабілі Алена Кіш з Язэпам Драздовічам, — ды дываноў-аплікацыяў — кшталту тых самых “залатых” рухаўскіх дываноў.
Сёлета 30 гадоў, як у Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага распачала работу цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Увесь гэты час калектыў прафесійных выкладчыкаў і мастакоў перадае свае веды, мастацкія навыкі, знаёмяць з народным мастацтвам Беларусі сваіх юных калег. Сёння на цыклавой камісіі педагагічную дзейнасць вядуць шэсць выкладчыкаў: Валковіч-Борыс Л.М., Чэрвонцава Н.Л., Чырвонцава Л.Л., Вальковіч Н.С., Гамолка А.П., Сакалоўскі Д.С. З 2006 узначальвае камісію пані Людміла Валковіч-Борыс. Больш за тое, і п. Валковіч-Борыс, і п. Чырвонцава маюць званне народных майстроў Беларусі.
Усе гэта — спрэс людзі творчыя, імкнуцца даць глыбокія веды сваім вучням, не забываючыся тварыць самі. Выкладчыкі праводзяць выставы, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, запрашаюцца ў якасці журы на конкурсы, аказваюць метадычную дапамогу дзіцячым школам мастацтваў.
А больш за 300 таленавітых, творчых, мэтанакіраваных выпускнікоў і выпускніц і надалей беражліва захоўваюць народную мастацкую культуру, яе вывучаюць і памнажаюць.
Выставе “Чароўныя дываны. Шчодры вечар” папярэднічаў іншы супольны выставачны праект каледжа і Запаведніка — сёлета з траўня па снежань у Музеі беларускай маляванкі экспанавалася выстава-тызер “Натхненне маляваных дываноў”.
Аўтары і аўтаркі: